Беларуская Служба

У Варшаве прайшла першамайская маніфестацыя, арганізаваная прафсаюзамі

01.05.2024 19:12
На мерапрыемстве прысутнічаў камісар па пытаннях занятасці і сацыяльных правоў Еўрасаюза. 
    1
Маніфестацыя прафсаюзаў у Варшаве 1 маяPAP/Rafał Guz

Усепольскае аб'яднанне прафсаюзаў і партыя «Левыя» арганізавалі 1 мая маніфестацыю і мітынг у Варшаве. Удзельнікі мерапрыемства заяўлялі не толькі аб неабходнасці павышэння заробкаў. У Дзень працы прафсаюзы падкрэслілі, што важныя не толькі грошы, але і пачуццё сэнсу ды самарэалізацыі. У першамайскім звароце кіраўнік Усепольскага аб'яднання прафсаюзаў Пётр Астроўскі падкрэсліў, што «праца - гэта не тавар», і нагадаў аб праве на стварэнне прафсаюзаў, без якіх «няма сапраўднай дэмакратыі».

У звароце таксама прысутнічала тэма Еўрасаюза ў сувязі з 20-годдзем з дня ўступлення Польшчы ў еўрасупольнасць. Было падкрэслена, што Еўрасаюз - гэта не толькі эканамічнае супрацоўніцтва, але таксама працоўныя і сацыяльныя пытанні.

Арганізатары маніфестацыі нагадалі, што роля ЕС заключаецца, сярод іншага, у выраўноўванні ўмоў працы ў членскіх дзяржавах.

Гэта адзначыў таксама госць мерапрыемства - еўракамісар па пытаннях занятасці і сацыяльных правоў Нікаля Шміт. «Няма ніякіх прычын, па якіх рабочыя ў Польшчы, Румыніі ці дзе-небудзь яшчэ не маглі б мець тыя ж правы і заработную плату, што і людзі ў іншых краінах ЕС», - сказаў палітык.

Удзельнікі маніфестацыі сустрэліся з прадстаўнікамі ўрада, у прыватнасці, з міністрам працы Польшчы Агнешкай Дземяновіч-Бонк.

вс